“Я адчуваю штосьці містычнае”: від-небяручка і заляцанні хадулачнікаў ў вялікай гутарцы з Яўгенам Місіюком

ад 20 кастрычніка 2022 года

Многія берасцейцы – ды і не толькі берасцейцы, якія цікавяцца птушкамі і дзікай прыродай, – ведаюць Яўгена Місіюка і яго Telegram-канал “Прыгоды натураліста”.

Тут ён дзеліцца ўражаннямі і адкрыццямі, якімі прырода шчодра дзеліцца з тымі, хто сам адкрыты ёй. Паразмаўлялі з ім пра падыходы да птушкавання, цікавыя назіранні і літаратуру пра дзікую прыроду.

Яўген Місіюк

Яўген Місіюк. Фота Людмілы Місіюк

Птушыны слоўнічак (бел.-рус.)

  • Баталён – турухтан
  • Гагач – гагара
  • Зязюля – кукушка
  • Качка-крыжанка – кряква
  • Качка-шылахвостка – шилохвость
  • Леска-чорнагалоўка – черноголовая славка
  • Садовая стрынатка – садовая овсянка
  • Чаротніца – камышница
  • Чайка-рыбачка – озёрная чайка
  • Шэрая чапля – серая цапля

Як і калі вы захапіліся назіраннем за птушкамі?

Як і ў многіх, маё зацікаўленне прыродай пачалася з дзяцінства. Мяне заўсёды цікавілі дзікія жывёлы. Вялікую ролю адыгралі фільмы Жака Іва Кусто: голас, які агучваў, зачароўваў мяне.

Яўген Місіюк у дзяцінстве. Архіўнае фота

Яўген Місіюк у дзяцінстве. Архіўнае фота

Потым мы вельмі часта з бацькам ездзілі на рыбалку. Калі рыба не лавілася, што рабіць? Ходзіш, глядзіш, што там паляцела, папаўзло…

Як і многія хлопчыкі, у дзяцінстве я любіў чытаць апавяданні пра індзейцаў, якія жывуць у сімбіёзе з прыродай, усё пра яе ведаюць, могуць распазнаць сляды жывёл. Ходзячы па трыснягу, я ўяўляў сябе такім індзейцам, нешта высочваў. Вядома, я нічога не мог там знайсці, але само адчуванне першаадкрыцця чагосьці ўва мне было. У мяне заўсёды была даследвальніцкая жылка, я люблю спазнаваць новае і стараюся ніколі не затрымлівацца на адной ступені.

А такі моцны штуршок здарыўся, калі я з жонкай вучыўся ў Польшчы. Аднойчы ў Гданьску я наведаў рэзерват “Птушыны рай” на выспе Сабішэўскай у вусці ракі Віслы. Я тады ведаў толькі асноўныя віды птушак, не разбіраўся ў іх так, як цяпер. Мяне ўразілі там экасцежкі: яны былі аздоблены дыдактычнымі плакатамі. Яшчэ там былі вышкі для назірання за птушкамі. Узняўшыся на адну, я пабачыў сотню птушак, і здзівіўся, што так можа быць.

Потым неяк выпадкова, вяртаючыся з універсітэта, я назіраў на канале сярод звычайных качак-крыжанак качку-мандарынку. Гэта было так дзіўна! Стаяла зіма, шэрасць, і сярод нашых непрыкметных качак – такая рознакаляровая мандарынка. І я такі: ваў, а што гэта за качка? Трэба даследаваць! У мяне з сабой быў якраз фотаапарат, я зрабіў фотаздымкі, пачаў у інтэрнэце шукаць інфармацыю – ага, гэта качка мандарынка, супер! І потым мы пачалі больш гуляць па Гданьску і назіраць за птушкамі, атрымліваць радасць ад яднання з прыродай.

Качка-мандарынка сярод качак-крыжанак

Тая самая качка-мандарынка сярод качак-крыжанак. Фота Яўгена Місіюка

У Польшчы мы пабывалі ва ўсіх самых буйных заапарках, таксама былі ў заапарку ў Празе. У некаторых краінах Еўропы ёсць культура заапаркаў, якія зусім не нагадваюць тое, калі прыязджае некалькі фур з беднымі жывёламі, што паміраюць у гэтых прычэпах. Там гэта сур’ёзная навуковая праца па размнажэнні рэдкіх жывёл. Мяне вельмі ўразіла там разнастайнасць жывёльнага свету, у тым ліку птушынага. Вядома, цікава паглядзець нейкі фільм, напрыклад, National Geographic, але ты ўсё роўна не ўяўляеш, наколькі гэты сусвет вялікі. Назіраць ужывую – зусім іншае. Гэта сапраўды пашырае твой гарызонт.

Вярнуўшыся ў Беларусь, я працягваў проста хадзіць назіраць, і аднойчы выпадкова знайшоў жураўлёў у Камянецкім раёне. Для мяне тады гэта было вельмі вялікім адкрыццём, бо я раней ужывую іх не бачыў. А потым у нас была сустрэча аднакласнікаў, на якой высветлілася, што праца маёй былой аднакласніцы звязаная з экатурызмам для птушкароў і аховай прыроды. Мы тады ўвесь вечар прагаварылі, і яна дала мне кантакты хлопца, які мог бы дапамагчы, калі трэба, вызначыць птушку або адказаць на нейкія пытанні.

яўген місіюк

Гэта быў Юра Янкевіч, якога праз некалькі месяцаў я заваліў фотаздымкамі на вызначэнне. Калі я пачаў атрымліваць адказы – гэта баталён, гэта качка-шылахвостка – мне стала яшчэ цікавей. Мая цяга адкрыцця пачала шырыцца, я пачаў ездзіць сам па палях і вадаёмах і што не мог вызначыць, кідаў яму. Убачыўшы маю зацікаўленасць, ён запрасіў мяне на вандроўку – яны ехалі з кампаніяй на рыбгас. Там ў мяне ўвогуле сусвет перакуліўся: столькі птушак я ніколі не бачыў. Да таго ж, гэта была вясна, усё лётала, спявала. Хутка я ўліўся ў кампанію берасцейскіх птушкароў, і пайшло-паехала.

Берасцейскія птушкары заўсёды былі вельмі актыўнымі.

Берасце, мне падаецца, неяк вылучаецца з бёрдвочарскага кантэксту Беларусі – не таму, што я тут жыву і мне так хочацца, што мы нейкія такія ўнікальныя. У нас у Берасці заўсёды першапачаткова стаяла пытанне аховы прыроды. З нашага рэгіёну выйшла шмат вядомых у Беларусі прыродаахоўнікаў. Ахова прыроды заўсёды была на першым плане. Назіранне за птушкамі – так, добра, але трэба яшчэ і штосьці карыснае зрабіць. Людзі ўцягваюцца ў гэтую дзейнасць з самага пачатку, і я не быў выключэннем: адразу падключыўся да развешвання птушыных домікаў, дапамагаў правяраць гнездавыя платформы на соў і праводзіць маніторынгі гнездавання рэдкіх відаў птушак. Гэта такая цікавая старонка майго жыцця, і нягледзячы ні на што, яна працягваецца.

Сёння вы ўжо дасведчаны птушкар і, пэўна, як многія, ведзяце спіс пабачыных у Беларусі відаў птушак. Колькі ў вас у ім відаў?

– Учора ў мяне быў чарговы лайфер – з ім 242.

Лайфер (lifer)– від, пабачаны назіральнікам упершыню ў жыцці.

Гэта не так каб шмат, але я і не імкнуся ўбачыць як мага больш відаў. Калісьці, калі ў мяне ўсё толькі пачыналася, такая ахвота была. Гэта вельмі адрэналінавая справа. Ты глядзіш вакол сябе: людзі 200+ відаў, Юра на той момант меў ужо 250 ці штосьці такое, і астатнія мелі таксама шмат, а я быў адзін, хто не меў нават сотні. Гэта матывуе на тое, каб шукаць, бегаць, глядзець – пачынаецца такая гонка.

Я памятаю, як хіба два гады таму мы з Юрам арганізавалі выправу на аляпку для ўсіх берасцейскіх бёрдвочараў. Для гэтага мы арандавалі бус, нас было каля 15 чалавек, мы ехалі туды, каб залічыць лайфер. Цяпер бы я напэўна гэтага не рабіў бы. Я кардынальна змяніў падыход да назіранняў. Гэта адбылося пасля назірання арлана-даўгахвоста. Гэта быў фурор – вядома трэба было затвічыць, як гэта модна зараз казаць.

Твічынг (twitching) – форма птушкавання, пры якой птушкар імкнецца пабачыць як мага больш відаў.

Але раскажу пра свае эмоцыі. Я прыехаў, мяне прывялі на вадаём, паказалі: вось арлан, я паглядзеў: дакладна арлан-даўгахвост – і ўсё. Эмоцый ад такога лайфера нуль цэлых нуль дзясятых. Я проста памятаю, напрыклад, сваю першую саву, якую я сам знайшоў. Гэта зусім іншыя эмоцыі.

Я стараюся сам шукаць свае лайферы і рэдка калі працую па наводцы. Гэтыя сустрэчы застаюцца з табой назаўсёды.

Шэрая кугакаўка

Шэрая кугакаўка (серая неясыть). Фота Яўгена Місіюка

Таму некалькі берасцейскіх бёрдвочараў выпрацавалі тэорыю, што трэба шукаць тут, у нас дома. Мы падтрымліваем свой мясцовы бёрдвочынг. Можа, у гарадскіх “чалавейніках” не вельмі атрымліваецца назіраць. Але ў кагосьці ёсць вёска, у кагосьці лецішча, ды і ў горадзе таксама ёсць месцы, дзе можна назіраць птушак.

Напрыклад, “Сцяжына здароўя” ўздоўж Мухаўца? Кажуць, на гэтай экасцяжыне можна назіраць  100 відаў птушак.

Ужо нават больш: на сёння там адзначана 108 відаў. І мяркую, патэнцыял у экасцежкі яшчэ большы. А за адзін шпацыр у траўні можна адзначыць каля 30 відаў. Экасцежка – добрае месца для назірання як за звычайнымі відамі птушак, так і за рэдкімі відамі з Чырвонай кнігі Беларусі.

Бажан

Бажан (фазан). Фота Яўгена Місіюка

А самі дзе звычайна назіраеце за птушкамі?

Калісьці, калі цесць з цешчай прывезлі мяне і паказалі сваё лецішча, я падумаў, што там няма чаго назіраць, ніякай прыроды. Там лес такі, што за 10 хвілін можна яго прайсці і будзе ўжо шаша. А ў другім напрамку вялікі жывёлагадоўчы комплекс, прамысловая забудова.

Потым пачалі ездзіць туды адпачываць, я шпацыраваў па тым лесе, спачатку адзначыў звычайныя віды, якія можна сустрэць у любым сасновым бары: нейкія сініцы, дзятлы, папаўзні. Потым знайшоў пажарныя вадаёмы: ага, там ёсць, аказваецца, зімародак. Яшчэ чаротніца і шэрая чапля штосезон. Паволі гэты спіс птушак пашыраўся.

Тады я пайшоў у другі бок, і там знайшоў ферму – дадаліся новыя віды. А потым пайшоў вакол буйнога жывёлагадоўчага комплекса, і аказалася, што там ёсць станцыя ачышчэня сцёкавых водаў, а там, вядома, – кулікі, качкі. І выявілася, што нашы берасцейскія бёрдвочары, якія птушкавалі, калі я яшчэ ў школу хадзіў, калісьці на тую станцыю ездзілі і адзначалі розныя рэдкія віды птушак.

Чарнашыйная коўра

Чарнашыйная коўра (черношейная поганка). Фота Яўгена Місіюка

Я пачаў назіраць. Спачатку там былі адны чайкі-рыбачкі. Я падумаў: ну, нічога тут цікавага… Але на сёння, праз тры гады назірання, я там адзначыў ужо 173 віды птушак. На ebird, куды людзі дадаюць свае назіранні, маё лецішча паволі выходзіць на 2-е месца ў Беларусі па колькасці відаў птушак у адной лакацыі. На 1-м, вядома, рыбгас “Волма” пад Мінскам.

Я ўпэўнены, што ў кожнай вёсцы, на кожным лецішчы знойдуцца месцы, дзе кожны можа назіраць за дзікай прыродай.

Якое назіранне побач з вашым лецішчам уразіла вас найбольш?

У межах нашага садовага таварыства я знайшоў садовую стрынатку. Як гавораць дасведчаныя птушкары – не вельмі рэдкі від, але чамусьці на працягу некалькіх гадоў палова беларускіх бёрдвочараў прыязджала да мяне ў Брэсцкі раён глядзець яе. Хаця ўсе ведалі, што яна павінна быць і ў ншых месцах, але гэта ж трэба яшчэ знайсці.

А атрымалася цікавая гісторыя. Я задаўся мэтай знайсці яе, распытваў усіх нашых берасцейскіх птушкароў, арнітолагаў, мне давалі каардынаты, я туды ехаў – нікога няма. Я перачытаў кучу літаратуры, кожны аўтар апісваў нейкі біятоп, і я ўяўляў, дзе бачыў такі біятоп, ехаў туды – там нічога не было.

Біятоп – участак тэрыторыі з аднароднымі ўмовамі асяроддзя.

Я ўжо нават для сябе вырашыў, што гэта “від-небяручка” і плюнуў на гэту справу. Неяк едучы з лецішча полем, гляджу – нейкая птушка сядзіць на страсе закінутай фермы. Гляджу ў бінокль – садовая стрынатка. Нам потым удалося з арнітолагам Дзянісам Кіцелем яе адлавіць і акальцаваць.

Садовая стрынатка

Садовая стрынатка. Фота Яўгена Місіюка

Потым я пачаў больш займацца гэтым відам, чытаць пра яго, шукаць у прыродзе. Гэтая птушка прылятае да нас вясной (у траўні) і хутка адлятае, таму шмат часу на пошукі няма.

Сёлета задаўся мэтай падлічыць, колькі ў нас садовай стрынаткі ў Брэсцкім раёне. Падбіў нашых дзяўчат, і мы зрабілі першы пробны маніторынг. Мы лічылі самцоў, якія спявалі. У Брэсцкім раёне мы знайшлі іх 17: лакальная вялікая папуляцыя на поўначы і маленькая на поўдні раёна. Я планую ў наступным годзе працягваць маніторынг, адлавіць некалькі дарослых асобін, іх акальцаваць, каб паглядзець, ці вяртаюцца яны на тыя ж месцы.

яўген місіюк

Садовая стрынатка знайшла вас сама, калі апусціліся рукі. А ці былі ў вас назіранні, калі сам від быў нечаканы для вас, які вы і не думалі шукаць – а ўбачылі?

Гэта адбылося ў лістападзе 2020 года. Я паехаў птушкаваць на возера Лукава ў Маларыцкім раёне. Гэта даволі вялікае вадасховішча, і ў канцы восені, зімой і вясной там шмат вадаплаўных птушак. Там цудоўна назіраць гагачоў, і я паехаў акурат назіраць іх.

Прыехаўшы, я быў трошачкі расчараваны, што там няшмат вадаплаўных птушак. Маю ўвагу прыцягнула качка недалёка ад берага, на мяжы трыснягу і адкрытай вады. Афарбавана нібыта як звычайная качка-крыжанка, але нейкая не такая… дае нырца і некаторы час зна ходзіцца пад вадой. Вырашыў паглядзець у трубу – а гэта гага. Я не паверыў сваім вачам. А ў мяне яшчэ быў такі старэнькі “недальнабойны” фотаапарат – нармальны фотаздымак я не мог зрабіць, давялося рабіць дрыготкімі рукамі здымак на тэлефон праз трубу.

Гага

Гага. Фота Яўгена Місіюка

Я адразу пачаў усім званіць і расказваць пра гагу – мне ніхто не верыць. Я пачаў дасылаць усім фотаздымкі. Юра прыехаў, мне падаецца, праз хвілін 40. Для яго гэта таксама быў лайфер у Беларусі.

Вельмі ўразіла, што гага давала нырца, выцягвала ракаў і ела іх. Потым я ўжо прачытаў, што яна на поўначы харчуецца малюскамі і ракападобнымі. А ў Лукаўскім ракаў шмат, таму яна там затрымалася. Мне падаецца, яна яшчэ з месяц там плавала.

Магчыма, яна прыляцела не з поўначы, а з Чорнага мора, бо там ёсць невялікая лакальная папуляцыя гаг.

Цікава ўбачыць новы для сябе від, але, бадай, не менш уражваюць часам паводзіны ўжо знаёмых відаў. Якія паводзіны птушак вас найбольш уразілі?

Пасля назірання такіх паводзінаў, я і зразумеў, чаму гэты занятак называецца “назіранне за птушкамі” – таму што трэба за імі назіраць, а не проста адзначыць і паехаць. Трэба затрымацца, атрымаць асалоду ад назірання. Да гэтай сакральнай думкі мяне падвяло назіранне за хадулачнікамі.

Хадулачнік з амаль дарослымі птушанятамі

Хадулачнік з амаль дарослымі птушанятамі. Фота Яўгена Місіюка

На станцыі ачышчэння сцёкавых водаў каля лецішча ў мяне ўжо другі год запар гняздуюць хадулачнікі. Я два гады амаль усё лета штовыходныя за імі назіраў. У першы год мы нават ставілі фотапастку на гняздо, цудоўныя матэрыялы атрымаліся. Бачыць, як птушаняты толькі вылупіліся, потым сталі на ножкі, потым пабеглі – гэта нешта чароўнае.

У мяне ёсць прыяцель-птушкар Віктар Кулік з Мінска, мы неяк разам назіралі “маіх” хадулачнікаў, і ён спытаў, ці бачыў я, як самец хадулачніка заляцаецца да самкі. А двухтыднёвы перыяд заляцанняў у мяне неяк выпадаў: я адзначаў, як толькі яны прыляцелі, а потым ужо як самка сядзіць на гняздзе. І вось сёлета ў траўні я нарэшце пабачыў гэтае заляцанне: самец падыходзіць бачком да самкі, пачынае ліць ёй на галаву ваду, яны робяць сваю справу, а потым бачком разыходзяцца. Мне ўдалося гэта зняць на відэа.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца!

Усё гэта трывае, можа, 15 секунд, але гэта настолькі пяшчотна адбываецца, настолькі мяне ўразіла гэтая інтымная працэдура – гэта ў нейкай ступені перавярнула мой сусвет і разуменне самога працэсу назірання. Я падумаў: гэта толькі хадулачнікі, адзін з трохсот відаў нашых беларускіх птушак. А калі б так паназіраць за кожным відам скрупулёзна?

І вось я прыняў для сябе стратэгію, што я буду старацца назіраць менавіта такім чынам. Гэта цалкам іншы падыход да разумення прыроды.

Вельмі цікавыя назіранні і прыклад таго, што нават неабавязкова гнацца за відамі, каб заўважыць штосьці нечаканае або рэдкае, трэба толькі быць уважлівым.

Так, у пагоні за новымі відамі губляецца асноўная мэта – назіранне за самой прыродай. Памятаю, як мы ездзілі, каб “набіць” гэтыя віды: увесь дзень у аўтамабілі ты едзеш па гэтых палях… і потым усе гэтыя паездкі ўсе на адзін твар. Важна пачуць музыку прыроды, убачыць яе вобразы.

Жаўрук-смяцюх

Жаўрук-смяцюх (хохлатый жаворонок). Фота Яўгена Місіюка

Вялікую справу ў гэтым сэнсе для мяне зрабілі валанцёрскія прыродаахоўныя летнікі, бо там апроч тых, хто займаўся птушкамі, былі яшчэ батанікі, і яны вельмі цікава апавядалі пра расліны. Мы шукалі вянерын чаравічак у балотах каля Дывіна. У такіх паездках адкрываеш для сябе новы сусвет: аказваецца, у нас ёсць і шмат усяго цікавага апроч птушак – стракозы, матылі, сысуны… Таму па сутнасці я і стварыў свой Telegram-канал. Я зрабіў яго ў першую чаргу для сябе, гэта мой дзённік назіранняў: часам адчыняю яго і прагортваю ў пачатак, перачытваю.

Чымсьці нагадвае арніталагічны дзённік. Але ваш канал адкрыты для іншых, людзі могуць сачыць за вашымі прыгодамі, даведвацца пра новае і цікавае для сябе.

Дакладана. Я арніталагічны дзённік таксама вёў, калі ты ад рукі пішаш у блакноціку, сшытачку. Але ніхто, акрамя цябе, яго не бачыць. Ніхто не можа адкаментаваць, і калі ты маеш нейкае  пытанне, то ставіш яго толькі да сябе – ніхто не можа на яго нічога адказаць.

У нейкай ступені гэта таксама феналагічны дзённік. Я апісваю, хто калі прыляцеў, адляцеў, што я пабачыў пасля шпацыру – праз год мне будзе цікава, калі я апошні раз у якім месяцы бачыў, напрыклад, зязюлю ці леску-чорнагалоўку.

Можна сказаць, у жывым эфіры вы пішаце кнігу сваіх назіранняў.

Для мяне назіранні не проста сухія факты і лічбы, а паэзія. Знаходзячыся ў дзікіх варунках у прыродзе, я адчуваю штосьці містычнае.

Калі мяне спытаюць, за што ты любіш беларускую прыроду, я не змагу адказаць у двух словах. Трэба выйсці на досвітку ў поле ці лес, і ты гэта пачуеш. Я стараюся апісваць свае назіранні мастацкімі вобразамі, каб больш людзей гэта зразумела. Не ведаю, ці ў мяне атрымліваецца: я не раблю гэта для кагосьці, гэта проста ідзе з мяне. Калі яно прымае літаратурную форму, я буду толькі рады.

Кругланосы плывунчык

Кругланосы плывунчык. Фота Яўгена Місіюка

Людзі неяк рэагуюць на вашы аповеды, пішуць вам?

Людзі пішуць, ім цікава, некаторыя прапануюць напісаць кнігу, але на ўсё патрэбны час. Вельмі складана спалучаць усё гэта з прыватным жыццём: у мяне ёсць праца, якая ніяк не звязана з птушкамі, сям’я, і ўсё гэта трэба дапасаваць так, каб ніякая з гэтых частак жыцця не пацярпела. Можа, калісьці і атрымаецца кніга, бо такія пазывы ў мяне ёсць.

Некаторым людзям падабаецца, што мой канал на беларускай мове. Для мяне гэта прынцыпова: пра  беларускую прыроду толькі на беларускай мове. Яна ідзе з нетраў гэтай прыроды, дзесьці там гэтыя карэнні, мне так падаецца.

Сыч-сіпель

Сыч-сіпель (домовый сыч). Фота Яўгена Місіюка

Вы аматар чытання, часам пішаце пра кнігі, маеце ў сваёй бібліятэцы нямала літаратуры пра дзікую прыроду. Калі ласка, парайце нашым чытачам кнігі, якія маглі б натхніць іх назіраць за дзікай прыродай.

Калі ў Telegram-канале я запытаў, ці трэба апавядаць таксама пра кнігі, мне сказалі, што трэба. Прычым не толькі пра навуковую, а і пра мастацкую, і ў тым ліку дзіцячую. Мне самому раней падавалася: ну як даросламу чытаць дзіцячыя кнігі? А часам гэтыя дзіцячыя кнігі нічым не горшыя за дарослыя. Тым больш, у вялікай колькасці нашых бёрдвочараў ёсць дзеці, якім таксама было б цікава гэта пачытаць. У пэўны момант кніга, якую падсунулі, – гэта вельмі важна для развіцця ўнутранага свету дзіцёнка.

Для мяне вялікім адкрыццём было тое, як у Савецкім саюзе падыходзілі да дзіцячай літаратуры і да зацікаўлення дзяцей. Калі вы пагугліце дзіцячыя кнігі савецкіх выдавецтваў, там будзе процьма вельмі цікавых кніг пра прыроду, і не толькі савецкіх аўтараў, але і замежных. Такую літаратуру ў нас ужо ніхто не памятае, а на захадзе яна ўваходзіць у школьныя спісы, абавязковыя для прачытання, і гэта сапраўды цікавыя кнігі. Зараз іх, мабыць, цяжка знайсці, але калі пастарацца, можна.

У мяне заўсёды дома былі кнігі пра жывёльны свет, Жак Іў Кусто таксама быў. Заўсёды мне цікавыя былі экспедыцыі, неабавязкова прыгодніцкія. Раней было як: калі едзеш у экспедыцыю, ты збіраеш увесь матэрыял: і пра птушак, і пра звяроў, і пра камяні, і пра ўсё навокал. Таму гэтыя кнігі вельмі цудоўна чытаюцца нават сёння, нават пра экспедыцыі ў Афрыку ці Паўднёвую Амерыку.

Яўген Місіюк у дзяцінстве. Архіўнае фота

Яўген Місіюк у дзяцінстве. Архіўнае фота

Вельмі балюча адзначаць той факт, што ў нас зараз знайсці на беларускай мове кнігу пра прыроду не тое што складана, а амаль немагчыма. Вядома, штосьці ёсць, таксама букіністычнае, той жа Віталь Вольскі, які добра пісаў пра беларускую прыроду.

Я замаўляю сучасныя кнігі з Польшчы: там шмат перакладной і польскай літаратуры, і гэта густоўныя, якасныя выданні. Што мне падабаецца ў гэтых кнігах – яны будуюць правільнае разуменне прыроды, нашага месца ў ёй і вучаць, як правільна за ёй назіраць. Вельмі часта ў кнізе апавядаецца пра нейкі кавалачак зямлі, напрыклад, пра пушчу асобна. Вось чалавек жыве ў пушчы некалькі дзясяткаў гадоў, і ўсё, што ён назірае, фатаграфуе, ён афармляе ў кнігу. Гэта вельмі крута чытаецца.

Там ёсць навукоўцы, якія займаюцца толькі навукай, а ёсць навукоўцы, якія акрамя гэтага папулярызуюць яе, бо ўмеюць цікава расказаць пра гэта.

Я думаю, што ўжо шмат хто з беларусаў чытае Адама Збырыта, польскага навукоўца. Яго кнігі напісаныя цудоўнай мовай, з гумарам. Я чытаю і разумею, што мой свет ведаў пашыраецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Мне хапіла пачытаць яго манаграфію пра белага бусла – я столькі фактаў пра гэты від у жыцці не ведаў! Здавалася б, ну што, белы бусел – усе яго бачылі тысячу разоў, што цікавага пра яго можна сказаць?

Я думаю, што на англійскай мове яшчэ больш кніг. Вядома, каб гэта чытаць, трэба валодаць мовамі. Але калі ты хочаш штосьці ведаць, ты знойдзеш шлях да гэтых ведаў. Зараз шмат прылад, якія дазваляюць чытаць літаратуру на замежных мовах, нават калі ты не валодаеш імі – было б жаданне. Таму ўсіх заахвочваю больш чытаць і не абмяжоўвацца толькі беларуска- і рускамоўнай літаратурай.

Драздовая чаротаўка

Драздовая чаротаўка (дроздовидная камышовка). Фота Яўгена Місіюка

Мне не хапала таго матэрыялу, які лёгкадаступны ў Інтэрнэце: Вікіпедыя, сайт Мікалая Гуркова, які ўсе бёрдвочары чытаюць, – прывітанне яму і вялікая падзяка за тую вялікую працу, якую ён зрабіў па сістэматызацыі жывёльнага свету ў Беларусі. Таму я прасіў Юру Янкевіча і Дзяніса Кіцеля, каб яны мне давалі навуковыя артыкулы, якія публікаваліся яшчэ ў сівыя гады.

Калі ты недзе на бёрдвочынгу ці якім-небудзь мерапрыемстве маеш магчымасць паразмаўляць з арнітолагамі, ты атрымліваеш шмат інфармацыі. Але нам бракуе гэтай інфармацыі ў кнігах. Калі б яны маглі тое, што расказваюць абрывачна тут і там, сістэматызаваць… У нас шмат вучоных-арнітолагаў, якія маглі б цікава штосьці апавесці.

Як вам больш падабаецца птушкаваць, адному, з сям’ёй ці з кампаніяй? Ці ўвогуле з незнаёмымі людзьмі?

Пачну з канца. Людзей, каторых я не ведаю, я магу заахвоціць назіраць за птушкамі. Але каб паехаць у такі інтымны бёрдвочынг – хутчэй не. Для мяне гэта ўсё ж асаблівы душэўны настрой, адпачынак.

Яўген Місіюк

Яўген Місіюк. Фота Кацярыны Крупянковай

Калі я назіраю адзін, у мяне бёрдвочынг атрымліваецца больш рэзультатыўны. Але люблю таксама кампаніі, бо гэта абмен вопытам. Люблю, калі хтосьці з Мінска прыязджае, некаторыя просяць штосьці ім паказаць. Вельмі не люблю, калі просяць нешта паказаць у неадпаведны сезон, калі, напрыклад птушкі гняздуюць, а чалавеку хочацца залічыць сабе нейкі від. Я гэтага ўвогуле не разумею. Таксама не разумею, калі да нас едуць па нейкія звычайныя віды птушак, якія можна знайсці ў сябе.

З сям’ёй пакуль я не назіраю за птушкамі: сын яшчэ маленькі, і жонка больш часу знаходзіцца з ім. Сын ведае асноўныя віды, але не вельмі цікавіцца птушкамі. Яму больш цікавы свет насякомых. Але гэта яшчэ не носіць структурны характар, ён больш тэхнічны хлопчык. Але думаю, калі сын падрасце, то будзем птушкаваць і сям’ёй.

На завяршэнне гутаркі дайце, калі ласка, некалькі парад птушкарам, якія толькі пачынаюць. Пра што варта помніць?

Усё залежыць ад таго, чым вы хочаце займацца: правесці жыццё ў пагоні за рэдкімі відамі ці занырнуць у свет беларускай прыроды, але ніколі не дасягнуць таго дна. Нам падаецца, што гэты свет вузкі, маленькі, што ў нас не такая біяразнастайнасць, як, напрыклад, у Паўднёвай Амерыцы ці ў Азіі. Аднак і жыцця вам не хопіць, каб спазнаць усе таямніцы нашай беларускай прыроды. Калі вам цікава другое, тады найважнейшае – пастаянна вучыцца. Я маю на ўвазе не толькі чытаць ці размаўляць з навукоўцамі. Важна вучыцца ў самой прыроды. Яна найлепшы настаўнік. Калі яна будзе бачыць, што вы падыходзіце са шчырым сэрцам, то яна сама прыадкрые завесу сваіх таямніц, сама ўсё раскажа і пакажа. Трэба толькі ўмець бачыць, чуць і разумець – з наскоку не атрымаецца. Гэта вялікая праца.

Вялікая справа яшчэ – не баяцца задаваць пытанні сабе, а таксама калегам. Я ведаю на 100 %, што арніталагічная супольнасць адкрытая і ніхто без адказаў на пытанні не застанецца.

Трэцяя парада – балючая для мяне: трэба з павагай ставіцца да прыроды. Часам варта затрымацца, не гнацца за класным фотаздымкам. Так, магчыма ён назбірае кучу лайкаў у сацсетках, але ён забудзецца праз некалькі тыдняў. Варта затрымацца і паназіраць. Праз аб’ектыў можна часам нешта не пабачыць. Атрымайце асалоду ад свайго назірання, і тады яно запомніцца на ўсё жыццё. Не трэба спрачацца з прыродай, спрабаваць выкарыстаць і падпарадкаваць яе. Усё ж тысячагоддзямі чалавек спрабуе гэта зрабіць і нічога ў яго не атрымліваецца. Таму проста супакойцеся і назірайце.

10 кніг пра дзікую прыроду: раіць Яўген Місіюк

  1. Gerald Durrell “The Overloaded Ark”, “Three Singles to Adventure”, “The Drunken Forest”, “A zoo in my luggage” (у рускім перакладзе Джэралд Дарэл «Перегруженный ковчег», «Три билета до Эдвенчер», «Пад шатамі п’янага лесу», «Зоопарк в моем багаже» і г. д. – бессмяротная класіка, з якой кожны патэнцыйны натураліст пачынае свой шлях.
  2. David Attenborough “A Life on Our Planet”, “Adventures of a Young Naturalist”, “Journeys to the Other Side of the World” (у рускім перакладзе Дэвид Аттенборо “Жизнь на нашей планеце”, “Путешествия натуралиста”, “Путешествия на другую сторону света” і г. д. – усе ведаюць і любяць дзядулю Атэнбора.
  3. Віталь Вольскі “Месяц за месяцам”, “Па лясных сцежках”, “У лясах над Бярозай”, “На бабровых азёрах” і г. д. – наш беларускі Біянкі.
  4. Эмилия Голованова, Юрий Пукинский “Птичьи заботы”, “Путешествие в мир птиц” і г. д. – цікавыя апавяданні з жыцця савецкіх арнітолагаў.
  5. Максим Зверев “Белый марал”, “Хозяин небесных гор” і г. д. – апавяданні савецкага пісьменніка-натураліста.
  6. Иосиф Халифман “Операция “Лесные муравьи”, “Пароль скрещённых антенн” і г. д. – чароўны свет насякомых.
  7. Fred Bodsworth “The strange one” (у рускім перакладзе Фред Бодсворд “Чужак с острова Барра”) – гісторыя кахання арнітолага і дзяўчыны з індзейскага племені кры. У кнізе шмат увагі надаецца апісанню гусей і казарак.
  8. Marjorie Kinnan Rawlings “The Yearling” (у рускім перакладзе Марджори Киннан Ролингз “Сверстники”) і Nan Chauncy (у рускім перакладзе Нэн Чонси “Барсук выслеживает тигра”) – дзве падобныя гісторыі пра хлопцаў, якія растуць на ферме пасярод леса. Неверагодныя вобразы прыроды і цікавыя старонкі з жыцця лясоў Паўночнай Амерыкі і Тасманіі.
  9. Charles Roberts “Red fox” (у рускім перакладзе Чарльз Робертс “Рыжий лис” або “В долинах Рингваака”) – прыгожая гісторыя ліса з вельмі падрабязным апісаннем жыцця і паводзінаў гэтых звяроў.
  10. Adam Zbyryt “Krajobraz strachu. Jak stres i strach kształtują życie zwierząt”, “Bocian. Biografia nieautoryzowana” і г. д. – вельмі цікавыя манаграфіі, насычаныя фактамі ад польскага папулярызатара навукі.

Гутарыла Алеся Башарымава

Телеграм


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: