Разбураць гнёзды з 16 лютага забаронена!
Навіны Беларусі ад 1 лютага 2022 года
У птушак пачынаецца гнездавы сезон. Да 14 жніўня любыя птушыныя гнёзды разбураць забаронена.
Ранняй вясной гракі пачынаюць весці актыўны лад жыцця. Яны ўсёй гурбой абнаўляюць свае гнёзды або будуюць новыя, селячыся калоніямі паблізу людскога жытла.
Вельмі цікава назіраць за пабудовай гнёзд, як яны заляцаюца, наседжваюць яйкі і выкармліваюць птушанят.
Ці трэба скідаць гнёзды? Пакуль яны нежылыя, гэта асабліва не створыць нікому турботаў. Гракам прасцей заняць старыя гнёзды, чым будаваць новыя, таму, хутчэй за ўсё, яны ў такім выпадку паселяцца ў іншым месцы. Але лепш за ўсё птушак не турбаваць і дазволіць ім гнездавацца там, дзе захацелі яны.
Чаму ж існуе забарона на разбурэнне гнёздаў пасля 15 лютага?
Прыродаахоўнік Максім Нямчынаў тлумачыць:
У калоніях гракоў у іх гнёздах (ды і ў гнёздах варон і сарок таксама) могуць гнездавацца драпежныя птушкі: дробныя совы і сокалы. Напрыклад, вушатыя совы займаюць гнездавыя ўчасткі, адкладаюць яйкі і выхоўваюць птушанят нават раней за гракоў. Пры гэтым драпежныя птушкі, асабліва совы, часцяком застаюцца незаўважнымі. Таму ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб жывёльным свеце” былі ўнесеныя змены, і цяпер, каб не турбаваць птушак і не нішчыць іх дзетак разам з гнёздамі, дзейнічае забарона на знішчэнне гнёздаў ужо з 16 лютага.
Пасля 15 лютага абразанне галінаў з гнёздамі пагражае штрафамі.
Што рабіць, калі пасля 15 лютага ты заўважыш, што нехта скідае і разбурае гнёзды?
Пра гэта трэба адразу ж паведамляць! Можна пазваніць у Мінпрыроды на гарачую лінію, можна пакінуць электроннае паведамленне на сайце свайго абласнога або Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Паведамі дату і месца здарэння, пастарайся зрабіць фота ці запісаць відэа. Варта зняць нумар пад’ёмніка і іншых машын, калі адбываецца абрэзка дрэваў з дапамогай такой тэхнікі. Калі магчыма, зафіксуй, што знаходзіцца ў гнёздах. Перапішы ці здымі на фота надпісы людзей у спецвопратцы. Чым больш інфармацыі і доказаў, тым лепш.
Кругласуткавы тэлефон дзяжурнага эколага Мінпрыроды: 8 017-267-55-70.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: