Свіргулі і анабіёз

ад 11 мая 2022 года

Каманда даследчыкаў з нямецкіх універсітэтаў з Siegen і Marburg знайшла, што нават дарослыя чорныя свіргулі (черные стрижи) падчас знаходжання на гняздзе могуць упадаць у анабіёз, каб захаваць энергію і не загінуць у халоднае надвор’е.

Черный стриж. Фото Николая Воробья

Чорны свіргуль. Фота Мікалая Вараб’я

Чорныя свіргулі добра вядомыя як самыя хуткія птушкі ў гарызантальным палёце, якія па-за сезонам гнездавання могуць праводзіць нават да 99% часу ў паветры, без выкарыстання прысад. Харчуюцца яны таксама ў палёце дробнай жамярой, а калі праз працяглую непагадзь не могуць харчавацца ў месцы гнездавання, вымушаныя або адляцець на сотні кіламетраў туды, дзе ежа даступная, і потым вярнуцца, або значна абмяжоўваць свае энергетычныя затраты, застаючыся на гняздзе. І ў самыя крытычныя моманты нават дарослыя птушкі могуць упадаць у анабіёз.

Як пабудаваць дамок для свіргуля?

Увогуле анабіёз як эфектыўны сродак значнай эканоміі энергіі, калі жывёла часова не мае магчымасці падтрымліваць актыўны лад жыцця, выкарыстоўваюць многія віды з розных таксонаў. Але для птушак ён быў да гэтага часу даказаны толькі для некаторых відаў калібры. Для таго, каб больш даведацца пра гэты стан у свіргулёў, навукоўцы на працягу гнездавых сезонаў ў 2010-15 гг мералі тэмпературу ў 50 гнёздах гэтага віду, а з дапамогай мікракаларыметраў вызначалі метабалічныя затраты птушак. Для гэтага ў халодныя ночы ў гнездавыя сезоны 2017-18 гг мералі спажыванне кіслароду і выдыханне вуглекіслага газу асобнымі птушкамі з дапамогай рэспірометраў, і на аснове гэтых дадзеных вылічвалі ўзровень метабалізму і змены ў ім.

Сярод 16 673 назіранняў было знойдзена, што сярэдняя тэмпература дня ў 24,3°C ў сезон гнездавання ўначы на гнёздах падала на 8,6°C. У халодныя ночы птушкі змяншалі метабалічную актыўнасць у сярэднім на 33%. Аднак у самыя халодны час свіргулі ўпадалі ў стан анабіёзу і ў шасці адзначаных падобных выпадках іх метабалізм паступова змяншаўся ў сярэднім ажно на 56% у параўнанні з днём.

Цікава, што пасля вылуплення птушанят уся сям’я магла ўвайсці ў анабіёз, аднак засталося незразумелым, як адбывалася каардынацыя гэтага стану.

Крыніца: Arndt H. J. Wellbrock et al, Cool birds: first evidence of energy-saving nocturnal torpor in free-living common swifts Apus apus resting in their nests, Biology Letters (2022). DOI: 10.1098/rsbl.2021.0675

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для сайта “Птушкі штодня


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: