Чайка-бургамістр на Волме: другая рэгістрацыя для Беларусі!

ад 28 лістапада 2022 года

Назіранні за птушкамі могуць прынесці прыемныя неспадзеўкі! Чайку-бургамістра заўважылі пад Мінскам Алёна Ціхановіч і Валерыя Трэйцяк. Гэта другая рэгістрацыя віду ў Беларусі.

Чайка-бургамістр сярод іншых чаек. Фота Валерыі Трэйцяк

Чайка-бургамістр сярод іншых чаек. Фота Валерыі Трэйцяк

У нядзелю 20 лістапада птушкаркі выправіліся на рыбгас “Волма” шукаць шэрашчокую коўру (серощекую поганку). Але на адным са спушчаных ставоў заўважылі групу чаек, адна з якіх падалася ім незвычайнай сваёй раўнамернай афарбоўкай без чорных канцоў крылаў і вялікай дзюбай з чорным “гузікам” на кончыку. Сфатаграфаваць чайку атрымалася толькі з двух ракурсаў. Дакладна вызначыць від па іх не атрымалася.

На другі дзень Алёна была на працы, а Валерыя выехала зноў на рыбгас, трымаючы з ёю сувязь. Умовы былі неспрыяльныя: валіў густы снег, арланы-белахвосты ганялі чаек…

Спробы падысці бліжэй з іншага берага скончыліся тым, што пад нагамі пачаў трэскацца лёд, – расказала Валерыя пра сваю выправу. – Пару разоў глыбока праваліўшыся пад лёд у смярдзючую жыжку, вярнулася на пачатковае месца – і тут убачыла светлыя крылы, хвост, спіну без кроплі чорнага! ЯНА! Удалося зрабіць здымак, па якім ужо без сумневу нам з Алёнай пацвердзілі чайку як маладога бургамістра.

Для Валерыі гэты лайфер стаў 271-м відам птушак, пабачаных у Беларусі, а для Алёны – юбілейным 280-м. 

Валерыя Трэйцяк і Алёна Ціхановіч

Валерыя Трэйцяк і Алёна Ціхановіч

Чайка-буграмістр – другая па велічыні чайка ў свеце, размах крылаў якой дасягае 165 см, а маса – 2,2 кг. Гняздуе на арктычных узбярэжжах Паўночнай Амерыкі і Еўразіі, а зіму праводзіць звычайна ў Паўночнай Атлантыцы, углыбіню сушы залятае вельмі рэдка.


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Spelling error report

The following text will be sent to our editors: